Яўгенія Янішчыц
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё зь любві,
Нават самая простая ява.
І тады душой не крыві
На дарозе жыцьця шырокай.
Пачынаецца ўсё зь любві —
Першы посьпех і першыя крокі.
Прыручаюцца салаўі,
І зьмяняюцца краявіды
Пачынаецца ўсё зь любві —
Нават ненавісьць і агіда...
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё зь любві.
А інакш і жыць немагчыма.
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы,
Тут белыя бусліхі
I мудрыя лясы.
Хапае на Палессі
I сонца, і вады.
I што ні двор — то песня,
Што вёска — то сады.
Па травах светла-шызых
Мы пройдзем ля ракі,
Дзе, мыючы бялізну,
Вядуць сваё жанкі.
I будзе песня спета
Пра шчасце і бяду
I будзе падаць лета
У гуллівую ваду.
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы.
Тут белыя бусліхі
I мудрыя лясы
Помню, помню праз гады,
Спеўная ваколіца:
«Выпі, золатца, вады,
Сэрца супакоіцца».
Да крынічнай, спакайной —
Сцежкі-птушкі вольныя.
Трыццаць вёснаў за спіной,
А ці ўсе спакойныя?
Мне дарогі не пытаць,
Сонейка высокага.
А як жа стану суцяшаць
Ў горы сябра-сокала?
Ды, вядома, як тады
Ты мяне, ваколіца:
«Выпі, золатца, вады,
Сэрца супакоіцца».
Быццам палын у пракосах,
Частая сівень імжыць.
Мама падрэзала косы —
Стала іх цяжка насіць.
Вёрсты смылелі даўгія,
Доўгія ночы — на ўздых.
Доўгія косы тугія,
Ой, на плячах маладых!
Пылам іх, горам накрылі
Скруха, вайна і крыжы.
Доўгія косы любілі
Два, што ў магілах, мужы.
Сталіся зімамі вёсны, —
Ані жаўронка ў палях.
Мама падрэзала косы —
Як укароціла шлях.
Вы без мяне ляцiце, самалёты.
Вы без мяне iмчыце, цягнiкi.
...Любоў мая, ты песня, i маркота,
I спелы бор, i вольны гон ракi.
Балючы век. Надвор'я перамена:
Яшчэ лiсток не ўпаў – а снегапад.
Ды скрыпачка з дзесятага калена
Пяе ў душы на блаславёны лад.
Усё вастрэй – раднi маёй прагалы,
Агеньчык дрогкi з мамiных акон.
Ды зазвiняць вясельныя цымбалы
I жаркiм вокам гляне у сэрца конь.
Пяе вiхор, пяе лiсток апалы,
Пяе зямля курганняў i удоў.
Любоў мая, ты скрыпка i цымбалы,
I шаргункi – над грывамi гадоў.
Падманваю сябе, свой дзень пусты, —
Нібыта міска стравы ў ліхалецце.
Пішу не вершы я — пішу лісты,
Пяро макнуўшы ў думнае дасвецце.
Яснее зрок, але у цемнаце
Заходзіцца бязгучным рэхам сэрца.
Загойваю сябе на той вярсце,
Дзе нам з табой не доліла сустрэцца.
Стаміўся ад уражанняў паэт.
Маленькі сын ад чэрствасці хварэе.
Крыжы трывожнай памяці! А свет...
Завалы кніг! А людзі не дабрэюць.
Дрыготкія лаўлю агні вачэй,
Якія свецяць толькі мне, здаецца.
Падманваю сябе, пакуль яшчэ
Цыганка-рыфма плача і смяецца.
З зялёнага Палесся,
З празрыстае ракі
Хадзем са мною, песня,
Праз шумныя вякі.
I я, як ты, балесны
Парыў ў сабе нясу.
Ступай са мною, песня,
На камень і касу.
Якім балючым сказам
Маўчаць паданні дрэў?
Са мною, песня, разам
Пакутуй і мудрэй.
За покрывам туману,
За сіверам завей,
Калі ўпаду, не ўстану, —
Ідзі адна далей!
Будзе слоту абвяшчаць прагноз,
Лістабой учыніць ператруску.
Песьняй, што расчуліла да сьлёз
Я прыму цябе па-беларуску.
Краю бесславёнага дачка,
Дзякуй лёсу, маю не ў нагрузку —
Зорны крыж Мацея Бурачка...
Ты ўва мне прызнаеш беларуску?
Сто разоў шукай другой красы,
А тым больш што сьвет даўно ня вузкі!
...Ды калі ты не бязродны сын —
Гавары са мной па-беларуску!
Час — вар'ят, шалёнае таксі.
Толькі ўсё ж ня мысьлю я аб спуску.
Кажаш, што магілы зарасьлі?
Памаўчы са мной па-беларуску.
Было. Былі. Была!
Мне маска не да твару.
Я тая, што прайшла
Трагедыяй пажару
І жар сухой верстф
да сэрца прытуліла,
Хоць за сабой масты
Усе – начыста! – спаліла.
У полымной журбе,
Дзе шлях с вачэй знікае,
Я тая, што цябе
З усіх вятроў чакае.
Як град шалена б'е
Нібыта травы косіць.
...Я тая, што у цябе
Палёгкі не папросіць.